Не хлебам адзіным...

Вернуться назад
436 Просмотров

У раённым гісторыка –краязнаўчым музеі г. Асіповічы днямі адкрылася персанальная выстаўка самадзейнага мастака Алега Малахоўскага. Алег Дзмітрыевіч працаваў ляснічым  Цэлькага лясніцтва.   

         Апынуўшыся ў экспазіцыйных залах, адразу губляеш сувязь з рэаліямі сённяшняга дня. На задні план адступаюць усе праблемы, забываюцца крыўды і наступае супакаенне. Душа пачынае спяваць ад чысціні і светласці, убачаных на палотнах. І разумееш, што напісаў іх сапраўдны творца. Нельга застацца абыякавым ад “Ночной грозы”, “Осени на Свислочи”, “Зимнего вечера”, “Букета сирени”…Як жа ўдалося яму захапіць у палон гледача? Аказваецца, усё проста: трэба моцна любіць родную старонку і не толькі мець талент, але многа працаваць, каб дасягнуць жадаемага. Гэта і рабіў усё жыццё Малахоўскі. І, як вынік на свет нарадзілася больш за паўтысячы карцін, каля сотні з якіх знаходзіцца ў прыватных калекцыях яго сяброў і людзей, якія жывуць далёка за межамі нашай краіны, у тым ліку Кітаі, Англіі, Польшчы, Германіі, Ізраілі.

        - Колькі сябе памятаю – малюю, - сказаў падчас ўрачыстага адкрыцця выстаўкі Алег Дзмітрыевіч.

        - Бацькі былі не надта багатыя, але, бачачы маё захапленне, стараліся ўсё ж купіць каляровыя алоўкі, фарбы і альбом. Дарэчы, мама, валодаючы пэўнымі творчымі здольнасцямі да малявання, вучыла таму, што сама ўмела. Упершыню атрымаў пахвалу за добрыя малюнкі ад настаўніка – і быццам крылы выраслі. Менавіта тады і ўзнікла мара набыць прафесію мастака. Двойчы спрабаваў паступіць у спецыяльныя навучальныя установы, але, на жаль, не атрымалася – патрабаванні былі жорсткія. Паколькі надта любіў лес, стаў студэнтам факультэта лясной гаспадаркі тэхналагічнага інстытута у Мінску. З фарбамі ж не разлучаўся. Першы пейзаж напісаў у час студэнцкай “бульбы” – закінуты вясковы домік, які ўразіў сваёй адзінотай. Затым вырашыў стварыць аўтапартрэт: калі буду падобным на сябе, значыць, нешта ўмею. Атрымалася няблага. Жывучы ў сталіцы, наведваў клуб самадзейных мастакоў, якія дзяліліся вопытам – так шліфаваў майстерства.Давялося працаваць пасля заканчэння інстытута ў экспедыцыях па Бураціі, Краснаярскаму краю, Кастрамской вобласці і роднай Беларусі. Уражанні ад убачанага перадаваў пры дапамозе пэндзля і фарбаў. Калі трапіў на Асіповіччыну, зразумеў, што прыгажэйшых краявідаў няма нідзе. І вось больш за 20 гадоў пішу прыроду, з якой сутыкаюся штодня – і кожны раз яна непаўторная. Некаторыя карціны адлюстравалі месцы, якіх з-за тэхнічнага пераўладкавання тэрыторыі ўжо няма. А на палотнах яны жывуць – нашчадкам на памяць.