Твае людзі, лес!

Вернуться назад
102 Просмотров

Твае людзі, лес!

Упэўненай хадой абыходзіць свой участак ляснічы Акцябрскага лясніцтва Анатоль Еленскі.

— Зямля тут з асаблівасцямі, — адзначае ён. — Часам гэта ўскладняе працу, але калі адносіцца да справы са спрытам і стараннасцю, усё атрымліваецца.

Пад нагамі спружыніць мох, навокал шчабечуць птушкі… Эстэтыка, вартая паэта. Натхніўся ёй і Анатоль Міхайлавіч, калі ў школе загарэўся ідэяй атрымаць лясную прафесію. Хлопец рос у вёсцы Слабада, недалёка ад якой шыкоўны лес.

— Сярод родных няма тых, хто б працаваў у гэтай галіне, — дзеліцца спецыяліст. — Рашэнне было раптоўным, але ніколі аб ім не шкадаваў.

Зараз дзень ляснічага з шасцігадовым вопытам распісаны па гадзінах. Разам з 14 падначаленымі ён займаецца аховай лесу ад пажараў, самавольных высечак, доглядам за насаджэннямі. А гэта працэс пастаянны, бесперапынны і няпросты. Напрыклад, пасля прыродных катаклізмаў прыходзіцца высякаць гектары лесу. Затым гэта тэрыторыя засаджваецца новымі маладымі дрэвамі. Але каб яны ператварыліся ў сапраўдны лес, ім патрэбны догляд і ўвага.

— Непасрэдныя абавязкі — справа нескладаная, — лічыць Еленскі. — Куды складаней змагацца з наступствамі людской абыякавасці да акаляючага асяроддзя. Аматары збору лясных прысмакаў не толькі не задумваюцца пра захаванне раслін, але і пакідаюць пасля сябе шмат смецця. Да таго чалавечы фактар — асноўны ва ўзнікненні лясных пажараў. Мне ж хочацца, каб лес менш крыўдзілі, бо ён — дом для ўсіх нас.